ТЭКСТЫ́ЛЬНА-ДАПАМО́ЖНЫ́Я РЭ́ЧЫВЫ,

хімічныя прэпараты, якія выкарыстоўваюць у тэкст. прам-сці пры перапрацоўцы, фарбаванні і аздабленні валакністых матэрыялаў. Аблягчаюць перапрацоўку прыродных і хім. валокнаў (нітак), спрыяльна ўплываюць на якасць тэкст. матэрыялаў.

Для паляпшэння знешняга выгляду і аблягчэння апрацоўкі валокнаў або нітак (надання ім мяккасці, гнуткасці, фрыкцыйных і антыстатычных уласцівасцей) выкарыстоўваюць авіважныя сродкі — паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР) пераважна неіонагенныя. Авіважную апрацоўку (авіваж), да якой звычайна адносяць і шліхтаванне (на~ данне ніткам склеенасці для павышэння зносаўстойлівасці), ажыццяўляюць апусканнем нявысушаных валокнаў у водны раствор або эмульсію авіважнага сродку. Аналагічны працэс апрацоўкі сухой ніткі (валакна) наз. замасліваннем. Замаслівальнікі — звычайна сумесі арган. злучэнняў (напр., алкілфасфатаў, алкілстэаратаў), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў у мінер. маслах або водных эмульсій масленых кампазіцый. Авіваж тканін (аблягчае шыццё вырабаў) часта ажыццяўляюць разам з апрэтаваннем (апрэты надаюць тканінам незмінальнасць, гідрафобнасць, негаручасць і інш. спец. ўласцівасці). У якасці Т.-д.р. выкарыстоўваюць некат. антыстатыкі і антыпірэны. Да Т.-д.р. адносяць таксама змочвальнікі (пераважна аніённыя і неіонагенныя ПАР), якія павышаюць хуткасць і эфектыўнасць апрацоўкі матэрыялу растворамі солей, фарбавальнікамі і інш., выраўноўвальнікі — розныя ПАР, што забяспечваюць раўнамернасць афарбоўкі, дыспергатары, эмульгатары і інш.

Літ.:

Серебрякова З.Г. Поверхностно-активные вещества в производстве искусственных волокон. М., 1986.

т. 16, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)